Гістарычная даведка
Нязгода ўнутры руху нікуды не падзелася, яна засталася ўнутраным фронтам на працягу ўсяго працэсу. Але поспех перамоў даў тым, хто іх вялі, легітымнасць, і менавіта яны, а не іх крытыкі, сталі наступным пакаленнем палітычных дзеячоў і дзяячак.
Дэмакратычны рух амаль ніколі не атрымліваецца згуртаваць вакол адзінага пункту гледжання. Не варта ўсур'ёз на гэта разлічваць. Пытанне не ў тым, як пазбавіцца рознагалоссяў, а ў тым, хто і на якой падставе атрымлівае права сесці за стол перамоў, нават калі поўнай згоды няма.
Што патрэбна, каб за стол паклікалі менавіта вас?
Тыя, з кім вы хочаце дамовіцца, мусяць успрымаць вас як сапраўдную сілу, якая кіруе пратэстам. Павінна скласціся ўражанне, што калі вы скажаце «стоп», людзі спыняцца. Калі скажаце «працягваем» — пряцягнуць. Інакш уладам няма сэнсу з вамі размаўляць. Адсюль правіла: нязгода ўнутры вашага лагера мусіць быць нябачнай звонку, каб улады не атрымалі нагоду сказаць: вось бачыце, яны паміж сабой не могуць дамовіцца, а лезуць дамаўляцца з намі.
Акрамя ўражання сілы і адзінства, да стала важна загадзя падтрыхтаваць яшчэ некалькі рэчаў.
Што мусіць быць падтрыхтаваным яшчэ да стала:
Дакладны і зразумелы набор патрабаванняў.
Напісаць канстытуцыю за месяц не атрымаецца. У Польшчы над ідэяй таго, да чаго краіна будзе імкнуцца, разважалі задоўга да пратэстаў. Яшчэ ў 1980-х фарміраваліся чарнавыя планы. На перамовах складана скеміць на хаду — занадта вялікі ціск. Таму важна выкарыстоўваць тое, што прыдумалі загадзя.
Непублічныя перамовы да публічных.
Стол перамоў публічны, на яго глядзяць свае грамадзяне і грамадзянкі, усе структуры, іншыя дзяржавы. Правал на вачах ва ўсіх дорага каштуе. Таму спачатку важна шукаць пункты пагаднення непублічна. Намацаць, аб чым увогуле магчыма дамовіцца, аб чым не. І толькі калі стане зразумела, што прадмет для размовы ёсць, можна выходзіць у публічную прастору.
Пасярэднік, якому давяраюць абодва бакі.
У Польшчы такую ролю адыграла каталіцкая царква: у яе не было ўласнага сілавога ці адміністратыўнага рэсурсу, затое была легітымнасць сярод насельніцтва і адносная нейтральнасць. Яна перадавала сігналы паміж бакамі, калі наўпроставая размова яшчэ была немагчымай.
У ГДР гэтую ж ролю шмат у чым узяла на сябе евангельская царква. Менавіта з малітваў аб міры ў цэрквах пачыналіся панядзелкавыя пратэсты, і менавіта царкоўныя фігуры вялі перамовы за круглым сталом як мадэратары, не прадстаўляючы пры гэтым ніводны з бакоў.
У Беларусі такога гатовага інстытута не знайшлося. Ніводная структура ўнутры краіны не была ў ласцы адначасова і ва ўладаў, і ў пратэстоўцаў, і роля мадэратара так і засталася вакантнай. Такі інстытут ёсць не ва ўсіх, але варта загадзя думаць, хто мог бы адыграць гэтую ролю ў вашым выпадку.
Амаль усё гэта ствараецца гадамі. Акно доўжыцца лічаныя тыдні, немагчыма паспець штосьці сабраць за гэты час. Альбо ўсё арганізавана ЗАГАДЗЯ, альбо ў вырашальны момант нічога няма.
Прыемная ілюзія ў тым, што за сталом з вамі будуць сядзець улады як штосьці адзінае, цэласнае. І калі стол перамоў здарыцца, то вы дамаўляецеся адразу з усёй уладай. Гэта не так.
У рэжыму таксама ёсць свае фракцыі: тыя, хто не хочуць саступаць увогуле, сілавікі з уласнымі інтарэсамі (у Польшчы яны нечакана апынуліся ў ліку рэфарматараў), партыі-спадарожнікі, чыноўнікі з рознымі кар’ернымі амбіцыямі. Неабавязкова пераконваць усіх. У Польшчы хапіла дамовіцца прыблізна з трыма чвэрцямі дамоваздатнай часткі, астатнія ўсё адно не былі гатовыя змяняць пазіцыю.
Калі гаворка зайшла аб ілюзіях, ёсць яшчэ адзін інструмент, пра які варта ведаць загадзя: улады могуць стварыць вам двайніка.
Спойлер
Гэта арганізацыя, партыя ці асоба, якая выглядае як сапраўдная апазіцыя, але насамрэч створаная рэжымам ці падкантрольная яму. Задача спойлера — адцягнуць на сябе частку людзей і галасоў, разбавіць сапраўдную апазіцыю і стварыць уражанне, што ў краіне і так ёсць дэмакратыя і свабодны выбар: не трэба ні за што змагацца.
Адмяніць спойлера адміністратыўна вы не здолееце. Адзіны працоўны спосаб — пастаянна і зразумела тлумачыць сваім, чым вы адрозніваецеся. Напрыклад, вас абралі, а не прызначылі, вы не баіцеся размаўляць з уладамі аб рэальных праблемах, у вас ёсць гісторыя і рэпутацыя, якую нельга падрабіць за адзін сезон. Дапамагае і пазнавальны адзіны стыль: у Польшчы рух выкарыстоўваў адзін і той жа плакат, адну эстэтыку і пазнавальны вобраз для ўсіх кандыдатаў, і гэта зрабіла падробку заўважнай.
[02] ЗА СТАЛОМ
Вы селі за стол перамоў. Што важна ўлічваць?
Першае —
максімальныя патрабаванні
Гэта тое, да чаго вы імкнецеся ў ідэале. Напрыклад, цалкам свабодныя выбары. Такія патрабаванні амаль ніколі не выконваюцца цалкам, таму што ўлады проста не пойдуць на поўнае здаванне пазіцый. Таму, акрамя максімальных, вы мусіце добра разумець свае задавальняльныя патрабаванні.
задавальняльныя патрабаванні
Гэта той мінімум, дзеля якога мае сэнс сядаць за стол. У Польшчы гэта выглядала так: свабодная канкурэнцыя за 35% месцаў у ніжняй палаце парламента і за ўсе месцы ў верхняй палаце. Не поўная свабода, канешне, але дастаткова, каб пачаць змяняць правілы гульні знутры.
Крытычна важныя пазіцыі
Акрамя гэтага ў вас павінен быць спіс крытычна важных пазіцый: тое, ад чаго вы не можаце адступіцца НІ ЗА ШТО.
Другое —
гарантыі для другога боку
Без іх размовы не будзе. Ніводзін рэжым не здасца, калі адзінае, што яго чакае, — гэта турма ці шыбеніца.
У Польшчы
Такой гарантыяй стала пасада прэзідэнта, якая засталася за ваенным дыктатарам. Яму наўпрост далі зразумець: вы захоўваеце пасаду і недатыкальнасць, а канкуравать будзем у парламенце.
У ГДР
Разгарнутых персанальных гарантый амаль не было, краіна рухалася да аб’яднання з Заходняй Германіяй так хутка, што старыя функцыянеры засталіся без прыкрыцця, а частку кадравых решэнняў скасоўвалі інстытуты ўжо аб’яднанай Германіі.
У Беларусі
Да стадыі гарантый справа не дайшла. Каманда Ціханоўскай публічна прапаноўвала своеасаблівую гарантыю загадзя, у аднабаковым парадку. А менавіта — амністыю сілавікам, якія перастануць выконваць незаконныя загады.
Але паколькі перамоў з уладамі так і не здарылася, гэтая гарантыя засталася прапановай у паветра.
Трэцяе —
прычыны, навошта ўвогуле другому боку сядаць за стол.
Матывацыя ў рэжыму амаль ніколі не альтруістычная.
У Польшчы
Такой прычынай стала эканоміка. Забастоўкі разбуралі гаспадарку, а прызнанне незалежных прафсаюзаў магло палепшыць адносіны з ЗША і Заходняй Еўропай, адкрыўшы такім чынам доступ да замежных крэдытаў і знешняй палітычнай падтрымкі. У 1981 годзе ваеннае становішча апраўдвалі тым, што інакш прыйдуць савецкія танкі. Да 1989 года ў гэта ўжо ніхто не верыў. Не было ўпэўненасці і ў тым, што ўласная армія пойдзе разганяць пратэст яшчэ раз. Сілавы рэсурс ва ўладаў фармальна заставаўся, але стаў імаверным, а не гарантаваным. Гэта тычылася абодвух бакоў: і ўлады, і апазіцыя перасталі быць ўпэўненымі, што сіла дакладна спрацуе так, як раней.
У ГДР
Працаваў той жа механізм: Савецкі Саюз наўпрост даў зразумець, што ўводзіць танкі не стане, і без гэтай апоры ва ўсходнегерманскіх уладаў не засталося падтрымкі. Матывацыя сядаць за стол была амаль вымушанай, краіна разбуралася на вачах.
У Беларусі
Ўмовы для гэтага так і не склаліся. Эканоміка не рухнула настолькі, каб прымусіць улады шукаць кампраміс, а знешні заступнік не адышоў, а, наадварот, застаўся побач і падтрымаў рэжым рэсурсам. Без абедзвюх гэтых рэчаў ва ўладаў папросту не ўзнікла прычыны сядаць за стол, таму пытанне матывацыі ў дадзеным выпадку так і засталося без адказу.
Важна разумець, што няма ўніверсальнай формулы. Перамовы, якія спрацавалі ў Польшчы, цалкам маглі праваліцца. Крытыкі, якія казалі, што пагадненне проста падоўжыць жыццё рэжыму, цалкам маглі мець рацыю. Паліталогія не можа гэта праверыць эксперыментальна, у гісторыі няма другога дубля. Варта памятаць пра гэта і не прымаць паспяховы зыход як нешта загадзя гарантаванае.
[03] ЯК ВЫЙСЦІ З-ЗА СТАЛА
Стол перамоў скончыцца нейкім пагадненнем. Пытанне ў тым, з чым менавіта вы з-за яго выйдзеце.
Слабы вынік
разавыя саступкі: кагосьці вызвалілі, штосьці вырашылі.
Моцны вынік
новыя правілы гульні, якія самі па сабе ствараюць механізм для наступнага акна магчымасцей.
У Польшчы
Такім механізмам сталі выбары. Не таму што выбары — гэта гарантавана дэмакратычна, а таму што яны паўтараюцца, у іх ёсць дата, і яны наглядна паказваюць, на чыім баку рэальная падтрымка. Адно акно магчымасцей канвертавалі ў наступнае: набор правілаў плюс дата, калі гэтыя правілы правераць на трываласць.
У ГДР
Круглы стол таксама дасягнуў менавіта гэтага — свбодных выбараў у сакавіку 1990 года. Але ў выніку гэтых выбараў перамаглі не прамадскія рухі, якія вялі перамовы за сталом, а партыі, якія абяцалі хуткае аб’яднанне з Заходняй Германіяй. Механізм спрацаваў, а вось перамога ад яго дасталася не тым, хто яго ствараў. Далей краіна ўвогуле спыніла існаванне як асобная дзяржава і ўвайшла ў склад ФРГ.
У Беларусі
Гэты крок не надышоў увогуле, таму што не было стала, з-за якога можна было б выйсці з новымі правіламі. Механізм для наступнага акна папросту не з’явіўся.
Памятайце, што калі вы выбілі за сталом магчымасць праводзіць выбары па новых правілах, а потым правялі іх і не перамаглі - гэта не адкат да нуля. У вас ужо ёсць арганізацыя, якая спрацавалася, доступ да людзей, да якіх раней прабіцца не атрымлівалася, досвед і працоўныя каналы сувязі. А калі вы прайгралі з вынікам у 20−30% галасоў - гэта няблага. Такі вынік размывае міф рэжыму аб тым, што ён адзін увасабляе волю ўсяго народа. З гэтай пазіцыі вы можаце чакаць наступнае акно магчымасцей і рыхтавацца да яго.
Калі ж вы перамаглі з разгромным лікам, як гэта адбылося ў Польшчы, то атрымліваеце мандат амаль на поўнае пераўладкаванне. І тут зноў прыдадуцца вашыя максімальныя патрабаванні, тыя самыя, ад якіх прыйшлося адступіць за сталом.
Ёсць яшчэ адна рэч, на якую лёгка забыцца, пакуль ідуць таргі. Усё, што вы абмяркоўваеце за сталом, працуе на дзвюх розных хуткасцях. Палітычнае ўладкаванне, новая канстытуцыя, эканамічныя наступствы, правілы выбараў можна змяніць адносна хутка. А вось сацыяльныя і эканамічныя наступствы пагаднення граюць дзесяцігоддзямі. Тое, што падаецца разумным тактычным кампрамісам цяпер, праз 10−20−30 гадоў можа прывесці да негатыўных сацыяльных і эканамічных эфектаў.
І апошняе. Кампраміс рэдка бывае чыстым.
У Польшчы
Чалавек, які падчас ваеннага становішча кіраваў арыштамі тысяч людзей, застаўся кіраўніком міністэрства ўнутраных спраў і нават стаў віцэ-прэм'ерам у першым дэмакратычным урадзе. Ваенны дыктатар застаўся прэзідэнтам, хоць і на кароткі тэрмін. Пасля паўсвабодных выбараў яго досыць хутка пасунулі. Гэта непрыемна, але, верагодней за ўсё, непазбежна: дамова азначае, што кожны бок праглынае нешта сваё. Ніводны пераход не выйгравалі абсалютна чыстыя змагары за права чалавека без адзінага кампрамісу — гэта, здаецца, урок гісторыі, а не толькі Польшчы.
У ГДР
Паказвае адваротны полюс таго ж выбару. Кампрамісаў, расцягнутых на гады, амаль не спатрэбілася, бо краіна хутка увайшла ў склад ужо гатовай заходнегерманскай сістэмы са сваімі інстытутамі, і старым функцыянерам проста не знайшлося ў ёй месца. Чысцей, але і без таго паступовага суіснавання старога і новага, якрое прыйшлося вытрываць Польшчы.
У Беларусі
Яшчэ давядзецца ўбачыць сваю версію гэтага выбару: якую цану прыйдзецца заплаціць старым функцыянерам режыму і апазіцыі, каб увогуле давесці справу да стала.
Вы выйшлі з-за стала з новымі правіламі і спісам таго, што прыйшлося аддаць. Хтосьці са старой улады захаваў крэсла. Хтосьці з вашых стаў ці стала новай элітай. А далей пачынаецца размова пра цану: хто заплаціць за рэформы і куды сыходзяць выдаткі. Пра гэта наша наступная глава.
А цяпер зноў да Катабланкі.
Сіньё-Вусіньё ўкаціў да сіньёра Мухамора прасіць грошай і сіл. Заступнік цягне з адказам — у самаго праблемаў па горла.